четверг, 28 июля 2016 г.

***
Паўночныя гульні
Сядзець па-за кафляй
Ляскаць зубамі
Плявузгаць і лашчыцца
Жыццё вусяковае
Такое кароткае
І небяспечнае
Сядзець па-за кафляй
Ляжаць па-за скруткам
Піць атрамант
Абдымацца
Калупацца ў прасторы
Нельга спыняцца
Бо такое кароткае
Жыццё вусяковае
Ня бачнае звонку
Таксама з-пад коўдры
Ня бачна-няўдзячнае
Я табе
Адрамантую
Твой стомлены прас
Тваю папараць-кветку ачэзлую
ЗаціскАю далонямі
Дакранаюся пальцамі
Цалую люблю
Па-за лядоўняю
Па-за лядоўняю
З табой сустракаемся
Нашы жыцці сплываюць
Такія кароткія
Аплываючы пальцамі
Растаем і хаваемся
Па-зА далягляд
ПА-за падлогу
***
Не смяюцца, ня плачуць
Рохкаюць, свецяцца лычыкамі
Розныя фантазіі пампуюць з інтарнэту
І назад у інтарнэт
На тое ж яны і фантазіі
Задушэўныя размовы
Калі толькі пад градусам
Душэўныя песьні з радыё
І навіны таксама душ-душэўныя
Душэўны міліцыянт
Падправіць табе фрызуру і адпусьціць
Галоўнае не раздражняць яго толькі
Бо хто яго ведае, што ў яго за фантазіі
Лепей рохкнуць, і ўсміхнуцца
Можна памахаць хвосцікам. Альбо сцяжком
Галоўнае рабіць гэта бяз рэзкіх рухаў
І з невялікай амплітудай
А, яшчэ абавязкова пераканацца што сцяг правільны
Бо калі няправільны не дапамогуць ні фантазіі, ні інтарнэт
Такія парадкі
Рох-рох
Лічу да трох і самаліквідуюся
Што лавіць на чужым свяце жыцця
Чужога жыцця РАЗ
Рохкаць ды тарашчыцца ДВА
Гагатаць ды весяліцца,
Жэрці праўсаюзны шашлык - ТРЫ!
Пах!

воскресенье, 8 мая 2016 г.

Вось вам тэматычнае
А то ўсё ж такі сЬвята
ТРУМ-ДУ-РУ-РУМ
БА-БАХ!

*
Боскі хвосцік
Мільгацеў у небе
Ня бачылі людзі
Чыталі газэты
Свае рашалі задачы
І жэрлі
Самалёты ляцелі
І кідалі бомбы
Людзі скакалі
Крышыліся й плавіліся
Разам з бэтонам
Разам з мэталам
Плакалі полымем
Пырскалі смехам
Разам з шпалерамі разам з фанэрай
Цалафанам вішчэлі

Боскае вока на даляглядзе
Бліскае фарай
Праз дыму валоссе
Праз выбухаў фаласы
Вось такое здараецца
Вось такое здараецца
Вось такое здараецца

Справаў рашэнне
І адпачынак

Спешчаных целаў
Арытмія.
*