З жыцця грызоноў-самцоў `2008

Прывітанне! Сёння я вырашыў прапанаваць вам новую рэдакцыю тэрміну “Homo Sapiens”. Нічога ашаламляльнага, усё проста - трэба гэты тэрмін разглядаць у адпаведнасці з сугучнасцю слова Homo. Наогул, першымі зваць сябе так пачалі самцы – мужчыны, у сэнсе. Ну дык вось, “Homo Sapiens” значыць “хамяк разумны”.
Чалавек, адчуўшы сябе чалавекам, не забыўся на сваю сапраўдную існасць, і менавіта таму пачаў зваць сябе так. Да меркавання жанчын тады ня вельмі прыслухваліся, таму і перашкод для вылучэння такой назвы, наогул, не было. Мужчыны назвалі сябе тымі, кім яны сябе ўяўлялі. Кожнаму было прыемна атая-самляць сябе з гэткім знакам  забяспечанасці, ўладка-ванасці, самавітасці, аксамітнасці, да якіх кожны імкнуўся, і якія ўвасобіў у сабе гэты адметны грызун.
Грызуны-самцы, пераважна хамякі, байбакі, бабры – гэта сапраўдная мужчынская існасць. Каб гэта праверыць, дастаткова прыгледзіцца да якога заўгодна самца. Усе яго памкненні, рухі, звычкі сведчаць аб тым, што кіруе ім не розум, ці нейкія-там сацыяльныя нормы. Што на самой справе ён звычайны хамяк.
Чаму я так упэўнена-дакладна пра гэта распавя-даю? Дык я першы выявіў сабе прыроду сваіх несвя-домых памкненняў, ненаўмысных учынкаў, прына-лежнасць да адных кропак гледжання, а не іншых і г.д. Існасць сваёй ляноты, схільнасцяў да дробнага зладзейства, сквапнасці, запаслівасці. Памкнення сха-вацца куды-небудзь. Лёгкая непавага ды непрыязнасць да самак і дзяцей. Гэткіх ружовых камячкоў, якія смокчуць малако і вырабляюць какашкі, ды вельмі
непрыемна пішчаць. Гэта ўсё яна – хамячая прырода.
Я – вялікі разумны хамяк. Я апранаюся ды хаджу на працу. Кухня – любімае месца. Вечаровае шматгадзіннае гатаванне ды ўжыванне ежы, гарбаты, салодкасцяў. Тачэнне іх. Прагнасць да ўжывання. Раўнаванне да прадуктаў. Маянэз – любімы хамячы прадукт. Піва – хамячы эліксір. Ужыванне яго надае сапраўдную хамячую разважлівасць, самавітасць. Перакананасць. Годнасць. Хамячая супольнасць. Адзінасць. Хамячы нязломны дух.
Трэба яднацца ў партыю. “Хамячая салідарнасць”. Балатавацца на выбары ў парламент. Перадвыбарчыя лозунгі: “За адраджэнне”; “Кожнаму хамяку - па кумпяку”; “За тлусцеючую і квітнеючую Беларусь!”.
=========================================
Прырода, аднак жа, не абмежавалася вылучэннем у асобную катэгорыю толькі грызуноў. І менавіта таму сярод нас знаходзяцца, так сама, выхадцы з іншых прадстаўнікоў жывёльнага свету. Яны жывуць разам з намі, не разумеюць, ці разумеюць нас, канфліктуюць з намі і г.д. Аднак жа ступень узаемапаразумення, зразумела, значна ніжэйшая. І звычкі розныя. Ёсць глеба для канфрантацыі.
Такая з’ява, як расізм, хоць і ажыццяўляецца па неадпаведных прыкметах, кшталту тэрытарыяльнага паходжання, нацыянальнасці, аднак жа аб’ядноўвае прадстаўнікоў аднаго віду.
Мы ж хамякі. Мы падобныя. Нас большасць. У нас адзіны хамячы корань. Хамякі талерантныя. Хамяк ведае сваё месца. Хамяк хамяку вока ня выдзяўбе.
Хамякі ўсіх краін, яднайцеся!




***
Душа пяе
А рыла п’е.
Я быў бабёр.
Я быў жаўнёр.

Цябе няма,
Чакаць дарма.
Я шмат што зведаў,
Пакуль паснедаў.

Дурная сіла
Мазгі круціла -
Такім манерам
Сячэ сякера.

А я й ня верыў,
Пакуль ня змерыў
Свае пачуцці
Ў каламуцці.

Я прамакатка,
Тваё дзіцятка.
Я твой каўнерык,
Падпаха, халерык.

Я твой маторчык.
Я твой мікробчык.
Твой любы тлушчык.
Я самагубшчык.


***
Дакучлівыя цёткі.
Дакучлівыя пахі.
Надуманыя плёткі.
Прыніжаныя дахі.

Кавалачкі каўбасак,
Відэльцы ды сасіскі.
Прабач мяне, вар’ятка,
Жыццё тваё абапал міскі.

Талерачак навокал,
Рандалікаў сусвеце,
Патэльнічак сузор’ях.
Ды трон твой у клазеце.

Ці здольна ачуняць ты?
Ці здольна ты спыніцца?
Ці здольна на што-небудзь
Апроч наесціся, напіцца?

Бесперапыннасць ежы.
Тлушч залівае горла.
Кавалкі рэзала ты ўпарта,
Ды сціпла-сціпла жорла.



***
Штонікі прыгожыя,
Модная фрызура,
Голеныя шчочкі,
Станістая фігура.

Дарослыя размовы
Пра справы, пра машыны.
Аповяд адмысловы
Пра ч’ісці імяніны.

Кампутэрныя гульні -
Сур’ёзнейшая справа.
Пытанне адпаведнасці
Перамагаць яскрава.

Бліскучы тэлефончык –
Здабытак твой галоўны.
Абраны ён табою
Да жыцця палюбоўна.

Ты кнопак камбінацый
Знаток непараўнальны.
У гэтым твая грацыя,
Ды вельмі то займальна.

Дакладны і сучасны,
Ты спрытны, каларытны.
Жаданы і каханы.
Ды вельмі дэфіцытны.


***
11-30,
1-га кастрычніка.
Ты ўжо стаміўся блытаць
Праявы аднаго выніка.

11-40
Добра. Хоць і невыразна.
Ты пачынаеш думаць.
Асцеражыся. То заразна.

14-10
Супакойся. Трэба сцішыцца.
Здохлы лебедзь.
Абарона твая крышыцца.

15-20
Баста. Хопіць змагацца.
Яе жадаю мацаць.
Ёй хачу займацца.

15-55
Капут. Яна спусцела.
З яе няма больш чаго ўзяць.
Толькі шкляное цела.

У смеццеправод цяпер ляці.
Трымці, рука мая, трымці.


***
Мы выпадкова трупаеды.
Трупаеды-кравапіўцы.
Зноў шукаем рэшткі мяса
Ў рондалях і на паліцах.
Нам патрэбная ахвяра -
Дзесьці тута ты схавана.
Лёсам нашая сустрэча
Нам была наканавана.
Ты не так даўно сканала.
Тваё кволенькае цела
Так сама нешта ўжывала.
А ты чмурэла и тлусцела.
І мы чмурэем і тлусцеем,
І нас хвалюе шмат пытанняў.
Ды заўтра выбары ў парламент -
Мы з’явімся на галасаванне.


***
Чалавецтва ўсё болей ды болей нагадвае сабою хамячаства. Кожны імкнецца нацягаць да сябе ў нару пабольш усяго. Вельмі прыемна, і пахваліцца ёсць чым. Гонар. Сапраўдны гонар некаторыя рэчы. А колькі шмат проста цікавых! Іх спажываць можна да бясконцасці. Нажаль, толькі, магчымасці арганізму не бясконцыя. Гэта, бадай, самае непрыемнае. Ну, гэта ўсе тычыцца прадметаў ужывання, а есць яшчэ і прыгожыя рэчы. Тое, што для душы патрэбна. Соні-эрыксан. Аднім дотыкам. Самсунг. ДзіВіДзі. Лядоўня.  Боўлінг. БМВ. І г.д. Новы сэнс жыцця. Мэта існавання. Ніякіх забабонаў, толькі сапраўднае і рэальнае. І сучаснае. Антыкварыят нам не патрэбны, сябе не падманеш. Суцяшэнне. Баўленне часу.
Свет не цікавы без прадметаў. Каб было цікава, трэба спажываць. Прыгожа ўжыць не забароніш! Жыць так сама.

ІНСТЫТУТ СПАЖЫВАННЯ
  (спажывання ды ўжывання).

Мы спажываем электрычнасць ваду макароны цяпло мяса газ трупікі птушак навіны промні чужыя жыцці скураныя вырабы нечыя глупствы свае ўласныя.
Генеруем раздражнёнасць незадаволенасць упэўненасць дэфіцыт няўпэўненасць ажыятаж СО2 забрудняючыя рэчывы успаміны недабудаваныя прыватызаваныя кватэры эўрарамонт электра-транспарт небяспеку нястачу нястрыманасць.
Галоўнае – не ўжыць, а спажыць і крыху яшчэ пажыць.
Калі ўжываеш занадта шмат, трэба сачыць за станам уласнага здароўя.
Калі спажыванне не надае больш асалоды, трэба тэрмінова лячыцца.
Адмова ад спажывання – метафізічны бунт, эксгібіцыянізм, суіцыдальнае памкненне, скажэнне, ерась.
Катэгорыі спажыўцоў, субкультуры спажывання і ўжывання, аматары і прафесіяналы – усё аднолькава, прынцыповых адрозненняў няма.
Прасоўванне новых аб’ектаў спажывання на рынак, папулярызацыя і ўсебаковая стылізацыя масавага спажывання менавіта гэтага прадукта. Стваральнікі рэкламы і спажыўцы. Спажыванне дзеля спажывання. Спажываць нават у сне. Ананімнае спажыванне. Публічнае. Эксклюзіў. Культура. Масавасць. Моднасць. Ніжняя прыступка спажывання - мінімальна дапушчальны для знаходжання ў грамадстве  ўзровень. І вышэйшы. Сэнс існавання. Сэансы вышэйшага спажывецкага адкрыцця – на публіцы, ці прыватна.
Адданасць справе. Гатовасць да служэння ёй у любую гадзіну сутак. Прыстасаванасць да розных умоваў. Гнуткасць. Камунікабельнасць. Разуменне мовы страўніка. Угаворванне яго. Зносіны без пасярэднікаў. Давер. Сяброўства. Каханне. Мікрахвалёўка. Мікражыццё. Мікрачалавек.
Адзінка мікражыцця – мінімальная колькасць рэчыва, прыдатная да ўжывання.
Акумулятыўная ўласцівасць адзінак робіць магчымай іх капіталізацыю, што надае сэнс існаванню.
Зманлівыя арыентыры, якія адцягваюць увагу. Канкурэнцыя. Стварэнне штучнага дэфіцыту. Бачнасць выбару. Бачнасць выбару. Выбару бачнасць – дэмакратыя толькі спосаб затуманьвання і без таго каламутных мазгоў. Ключ да татальнага маніпулявання. Што б ты ні ўжываў - гэта табе навязалі. Гэта прапісана рыс-кодам у тваёй галаве з дзяцінства.
Несвядомасць. Абавязковасць ужывання чаго заўгодна, стала.
Войны хутка будуць пачынацца на глебе спажывання ня тых прадуктаў. Ці неналежнага іх спажывання. Хаця, і раней яны так пачыналіся. Караць будуць абавязкова.

Мы ўсе жадаем жыць прыгожа!
І нас не хвалюе нічога!
Абмяжоўваць нас нельга!
Мы самі ўсё ведаем лепш.

НЯДЗЕЛЬНАЯ ПРОПАВЕДЗЬ.

Мы ўсё ведаем. Спажыванне вучыць нас. Праз яго мы спасцігаем свет. Толькі яно надае нам сапраўдныя задавальненне і радасць. З марай аб ім мы сустракаем наш дзень і дзеля яго мы пражываем гэты дзень. Вось яна – нашая новая зорка. Вось яна, нашая найвышэйшая гармонія! Вось ён – нашы новы сапраўдны Бог! Ён прыйшоў да нас! Ён сярод нас! Ён прывядзе нас у царства сваё ды дазволіць дакрануцца да найвышэйшага! Ён адкрые нам галоўную і адзіную таямніцу светабудовы, галоўны і адзіны сэнс усяго мерапрыемства, якое завуць жыццём, і ўсяго гэтага сусвету, які можна назваць фабрыкай, ці прадпрыемствам, ці яшчэ як заўгодна.
Тое, што сэнс сусвету – вытворчасць, не выклікае аніякіх сумненняў. А нашы адзіны сэнс – спажываць. Мы створаны адзін для аднаго – вось сутнасць і прырода светабудовы! І вялікі Бог наш сапраўдны – гэта і ёсць спажыванне, бо Бог у сваёй бясконцай ласцы ўвасобіўся гэткім чынам, каб кожную хвіліну быць разам з намі, накіроўваць і ахоўваць нас.
Дык усхвалім жа шаноўнага Бога нашага, адзінага і сапраўднага, ды ўшануем малітваю нашай узнёслай. Ды не забудземся, што найвышэй за ўсялякую малітву – справа, ды непахіснасць веры нашай. Справа, таямніца ды адкрыццё найчысцейшага спажывання. Алілуя, алілуя, алілуя!

Тэрмін ужывання падоўжаны ў краме -
Прадукт паўстаў з мёртвых
Смерцю смерць растаптаўшы.
І разам з прадуктам тым
Накіруемся ў жытло сваё дзвюхпакаёвае
Ды пасмакуем цела і кроў яго.
І праз цела і кроў яго выратуемся
Ды сілу набудзем каб паўстаць
Перад абліччам Бога нашага адзінага
І заўчасна ўзнесціся - зараз
Раней і ў павекі стагоддзяў. Амінь.