Яйкі `2009

ЗІМОВЫ СЫР

Кампутэрныя вірусы сякуць прастору
Мы глупыя людзі. Нас шмат.
Вірусы мутавалі і ўдасканальваліся.
Мы чакалі забаваў і штодня тупелі.
Вірусы з пакемонамі прагрызалі ў небе дзіры, праглыналі святло і паветра, свідравалі і перамолвалі зямлю і каменне, а з вады рабілі воцат і бензін. Пластыкавыя дрэвы, пенапластавыя кветкі, шкляная глеба. Вясёлая бліскучая цалафанавая трава, металічныя сабакі, каты і прусакі. Сучасныя пластыкавыя птушкі. Вусякі са сашчэпак. Каровы з фанеры – жаласныя ахвяры. Цвіковы дождж. Хутка пачнецца зіма, мы будзем скакаць па гурбах гаек і нітаў. А ў вясну іржа з вірусамі даканаюць іх, і яны паплывуць фіялетавымі руч’ямі на палі, што хутка застраканеюць маладым параснікам складанага хімічнага складу, з плеўкай ад працяглай рэакцыі. Мы збярэм карысныя сульфаты і зробім з іх лекі і ежу. І яшчэ транзістары, рэактывы. Мяса нашых целаў нам надакучыла, мы паступова металюемся. Мы сталеем душой і целам. Нам цікава толькі тое, што бліскоча. Што валодае лагічнай ўласцівасцю нуля альбо адзінкі. Што непадуладна часу.
Мы ўзялі яшчэ па адной і пайшлі да адной знаёмай дзяўчыны ў госці. Я паеў крыху закускі і заснуў. Уначы я прачнуўся і заняўся антрапалагічнымі даследваннямі. У якасці дадатковых аб’ектаў даследвання і доказаў па справе выступалі мастацкі фотаальбом, жаночае футра, падлога ў калідоры лінолівумная, каляндар і абутак, крыху пяска. Асвятляла працэс лямпачка напальвання пад столем звычайная, асіставаў гаспадарскі кот. Усе доказы былі дэтальна вывучаны і прааналізаваны. Тыя з іх, што маглі даваць сведчанні, ахвотна давалі іх, і гэткім чынам выступалі, яшчэ, і ў якасці сведкаў. Бліжэй да раніцы быў пастаўлены следчы эксперымент: я прайшоў у пакой і прылёг на канапу, дзе ўжо ляжала цела майго сябра побач, адпаведна, з целам незнаёмай дзяўчыны (далей па справе – трэцяя асоба). Ў доступе мне адмовілі, аднак мяне цікавіла зусім іншае. Гэтак ускосна была даказана прысутнасць яшчэ адной з’явы, аднак, не ўяўляючай цікаўнасці, з нагоды зусім іншай абумоўленасці ажыццяўляемых даследванняў. На глебе атрымання чаканых вынікаў была даказана непатрэбнасць эксперыменту, аднак прысутнасць трэціх асоб яскрава наракала на... Следства зайшло ў тупік.

А як там яны – астатнія М-Жыхары Н-пакаёвак у Ж-гарадах?


***
Маладыя кілабайты
Сапраўдных сур’ёзных нейкіх-там высноваў
Пахаваныя ў файлы
Мір праху вашаму, нолікі і адзінкі
Ня зведаўшыя свабоды ў нетрах магутных нанатранзістараў
Будзьце ж вольныя, электроны чалавечага розуму
Даламаю дыск, а астатнія пакіну на заўтра.


***
Інтэлектуальны штурм
Мазгавая атака
Ледакол ілбоў
Бульдозер думак
Экструдэр, расшчапляльнік, мясасечка
Млын млын млын млын
Блін блін блін блін
Тлум тлум тлум тлум
Блум глум шум ажыятажЖ
Невыноснасць безвыходнасць
Аскепкі спадзяванняў
Спёка Непрыемна
Непрыёмны тыдзень
Установа як установа.


1-2-3 побытавае вар’яцтва

Раздаліся аўтаматныя чэргі
А таматная паста
Атраманту плямы
Проста сарока
Сядзела ў галінах
Я ў рондаль з супам
Выпусціў кнігу
Дзе падрабязна тлумачылася
З якіх жа запчастак
Жывёлы складаюцца.
Свежы кніжны булён
Сваім водарам вабіў
Суседзям смак спадабаўся
А потым пачалася пячайка.
Гэта быў агністы свердзел
Што свідраваў прама і ўздоўж
А потым я адчуў моц
І сам ператварыўся ў свердзел.
Целы суседзяў валяліся на падлозе
І смяяліся, гідка торгаючыся
Я схапіў адно
І шпурнуў у вакно
Я схапіў другое
І шпурнуў у рондаль
Аднак не разлічыў
Вядома ж яно туды не патрапіла
Я выняў яго, распрастаў на падлозе
І склаў неблагі самалёт кшталту папяровага
Кшталту дэльтаплану
І запусціў праз вакно
Добрая мадэль ён хутка паляцеў да небакраю
А папярэдняя бездапаможна вісла ў галінах незадаволенага дрэва
Вось што я бачыў з вакна
Аднак я быў ужо не я
У мяне з’явіліся справы
Я ўзяў рондаль, абняўшы яго,
Пліта  стаяла па стойцы “Зважай”.
“СЦЕРАЖЫ!” загадаў я ёй,
А сам паляцеў па-над вечаровым горадам.
І толькі рондаль сціскаў маю шыю ў абдымках.

Мы ўскалацілі суп да стану дысперснай смугі і развеялі па ўсім горадзе. Горад быў нашы.
Рондаль выцягнуўся і меў неблагую постаць
Цяпер мне было вельмі прыемна яго абдымаць
І ён абдымаў мяне сваімі доўгімі белымі рукамі
Усё пяшчотней.
А потым мы пачалі цалавацца.
Мы віравалі бясконца доўга
Вось гэта было па сапраўднаму
А горад пад намі стагнаў ад знямогі
І бясконца змяняўся ў колеры.

Раніцай я прачнуўся на рэйках метро
Я набраў вялікі патэнцыял
Я стаў высокавольтавым свердзелам
Я пайшоў да святла
І святло пайшло да мяне
Я мог прасвідраваць гэтага вусеня наскрозь
Аднак проста ўвайшоў у яго нетры.
Маё з’яўленне не прайшло незаўважаным
Вырачаныя ад жаху вочы
Яны былі гатовыя скакаць з вагонаў
А самы кемлівы навобмацак шукаў стоп-кран
Я сказаў ім: “Ахвяры. Расціце!“. І сам выдаліўся.
І пайшоў вертыкальна ўверх, і
Праз 5 секундаў быў на праспекце, і
Эфект ад з’яўлення быў гэткі ж самы.
Моўчкі ўзняўшыся я паляцеў дадому.
Сустрэла мяне пліта з прабітай скронню, ды бязвольна адвіслай сківіцай. Лядоўня тырчэла ў сцяне галавой, ужо так сама здранцвелая.
А больш сведкаў не было, не было
Суседзі, зразумеў я. Яны так сама набылі моц, і цяпер толькі я здольны спыніць іх.

Я напаў на след, калі ўбачыў кацельню з абгрызеным комінам. Апошнім намаганнем волі ён паказаў мне патрэбны накірунак.
Яго бачна было здалёк. Ён чамусьці, стаў вельмі вялікім, а займаўся тым, што руйнаваў нейкі завод. Я заляцеў да яго ў ноздру і злёгку паказытаў, аднак, ён не адрэагаваў. Я паляцеў у лёгкія. Аднак, там было пуста і як на складзе. Тады я паляцеў у страўнік. А там ядзерны рэактар і супрацоўнікі. Гэта пастка, зразумеў я, і паляцеў далоў. Вылятаю, а мы ўжо ў космасе, ды нейкай невядомай галактыцы – хаця яны ўсе для мяне невядомыя. Мяне ж не рыхтавалі на супермэна, я выпадкова ім стаў. І пачаў я блукаць.
Блукаў я шмат часу.
А потым надакучыла мне блукаць, я абраў сабе планету з падобнымі да людзёў жыхарамі. Я лічу, што адносіўся да іх добра. Я амаль асіміляваўся, аднак да мяне ў кватэру нейкім чынам патрапілі паліцыянты. Яны сказалі, што я некага там затапіў, а мне дагэтуль цяжка зразумець, што гэта такое. Пад час блуканняў я змарнаваў усе свае вольты, так што калі мяне скруцілі і некуды павезлі, годнага супраціву я аказаць ня здолеў. А потым патрапіў у дзіўную установу – там усе былі вельмі ветлівымі, і менавіта там я знайшоў сапраўдны супакой і свой адзіны прытулак.

Я танчу вальсы пад радыёлу
Люблю суседзяў і медсясцёр
І суп цяпер мне варыць кухар
А я пяю й плюю ў вакно



АКУЛЯРЫ

Паважаю цябе, дупа
Паважаю цябе, выспа
Паважаю цябе, пыса
Паважаю цябе, о
Якія ж у цябе акуляры.


ДЛЯ ШЧАСЦЯ

На тым адрэзку, на якім паўшар’і не дамовіліся
Куды не трапляе погляд іх пэўнасці
І промні святла куды не трапляюць
Дзе дупа большы эксперт
І дзе капялюш разумнейшы за гадзіннік
Стаіць пачатак жаданняў.
Стаіць, а потым ляціць.
А потым баліць галава і нечага ўсё адно бракуе
для ШЧАСЦЯ




***
Пракуроры жыцця
Набілі па руках
Набілі па вачах
Па роту, па пузу
І па вушах
І па азадку не забыліся
Загадалі жыць як усе
Ды пакінулі на другі тэрмін
На мінулым вітку эвалюцыі
Памкненняў, жаданняў і мараў
Магчымасцяў, здольнасцяў, упэўненасці і
Самаадзнакі
А йдзіце вы!
Мне ўсё да сракі...


***
Фіфы са сваімі фіфунамі
Каб вы так самааддана працавалі
Бананы, кава з кавунамі
І ніхто ж не вучыў вас
Пасмакчы бутэльку
Пасмакчы бутэльку
Пасмакчы бутэльку
Пасмакчы запалкі
Пацалуй кафлю
Усміхніся
Люстра захінецца, ніхто ня ўбачыць
Якім чынам сыйшоў свет


***
Чалавек – гучыць ганарліва
І, так-так, крыху самаспадзявана

Я сёння ўстаў а 5-й раніцы, прайшоў на кухню і пачуў за вакном лаянку – зноўку алкашы, падумаў я, аднак памыліўся.
Гэта прадстаўнік роду самі ведаеце якога роў на кагосьці чацвёраногага:
-    Побач!
-    Побач, я сказаў! – і шпураўся нагамі.
Мне шпурнуць было чым. Нажаль, было крыху далёка
А потым я чакаў кіпню.

Мне непрыемна быць ахайнай малпай.
Я ня лепшы ні за каго.


***
Давай згуляем
У цікавую гульню
Ты запяеш
А я падпяю
Ты падойдзеш
Да паставога
Фа-фа ля-ля
Бяз розніцы, да якога
А потым, а потым
Ля-ля і рэ-рэ
Швэндацца будзем
Ды нас зноў забярэ
Сіні джып і 3 супрацоўніка
Ворганаў вашых і нашых якіх трэба


8-9-10

Я ўсталюю кружэлкі
Я набуду гарэлкі
8 бутэлек
8 бутэлек
Я паклічу ў госьці
Тых і гэтых кагосці
І 9 сябровак
І 9 сябровак
Вып’ем крыху
З макаронаў рагу
І 10 чарак
І 10 чарак
Зальем паслядоўна
І будзе цудоўна
І тады мы з імі крыху патанчым


***
Лілея, Лілея,
Ты шкодная фея
Паціху тупею,
Ня ведаю, дзе я
Лячу па алеях,
Загінаю ў алеі,
Якім залівае
Сонца балея.
Вакол бакалея,
Дзе я, як на арэлях,
Павінны гайдацца,
Загразаючы ў глеі
Як кегель благі,
Што застаўся на месцы
Так самаўпэўнена,
Што давядзецца
Стаяць так пакуль
Не разломіцца сэрца,
І зноўку пакуль
Гульня не пачнецца
І зноўку вакол
Загудзе бакалея,
І новая будзе
Дужэй і дурнее
            лілея.



***

Паехаў я аднойчы ў камандзіроўку. Далі мне аўтамабіль і супрацоўніка з навыкамі язды. Сустрэліся з ім на бальшаку раніцай. Аўтамабіль чамусьці апынуўся з правым стырном, і я паслухмяна заняў сваё месца злева ад кіроўцы.
Ну, і вось, едзем мы па бальшаку. Размаўляць ня хочацца, мы маўчым. Траса ўкалыхвае, я пакрысе дзюбаю носам. Потым гэтак жа павольна прачынаюся – а вакол усё тое самае: свеціць сонца, а мы сабе коцімся, коцімся. Зноўку дзюбаю.
Потым пачынаю глядзець на кіроўцу і не магу вызначыць, заплюшчаныя яго вочы, ці проста ён ад сонца мружыцца. Я нахіляюся да яго бліжэй і бліжэй, намагаючыся найлепшым чынам разглядзець, што ў яго там насамрэч адбываецца. Ад доўгага глядзення мне падаецца, што ў ягоных вейках нешта варушыцца.
І тут перад намі на трасу выскаквае паставы, і хутка махае нам сваім паласатым прыстасаваннем. Цяпер я дакладна бачу, што кіроўца сапраўды заснуў. Мы амаль не збіваем паставога, у апошні момант той адскоквае, а мы едзем далей, дакладна прама і з той жа хуткасцю.
Я цераблю гэтага прыдурка, мне ўжо падаецца, што ён памёр, альбо запаў у спячку кшталту мядзведжай. А хутка яшчэ адзін паставы. Аднак, гэты ўжо больш кемлівы, не кідаецца гэтак пад колы. Я напружваюся, чырванею, ад ідыятызму сітуацыі мне сорамна. Адварочваюся і гляджу ў іншы бок.
Мы непахісна абмінаем гэтага паставога. Я аднаўляю свае спробы прывесці кіроўцу ў прытомнасць. Той, нарэшце, цяміць, што ад яго патрабуецца, і прачынаецца. Ён мне дзякуе. На душы ў мяне гідка, я нават нічога яму не расказваю. І мы проста коцімся далей.
А потым мы прыязджаем, я ў нейкай чарговай, надцатай на дзень, установе. Сцены пафарбаваныя эмаллю паноснага колеру, дарэчная прахалода. Ну а так - ніхто не раздражняе, працоўны дзень ужо скончыўся. Я праходжу ў кабінет, дзе стаіць чорны тэлефонны апарат перыяду 50-х, здымаю слухаўку. Чутна вельмі дрэнна, і я крычу што ёсць моцы:
- Паклічце, калі ласка, Сеціва Бэту!, - гэта мая былая супрацоўніца і старая знаёмая.
На тым баку шуміць, тупяць, верашчаць.
Тут надыходзіць час ехаць, і ехаць хутка. Прыходзіць кіроўца і для паскарэння справы ўласнаручна перамяшчае мяне куды трэба.
Мы сядаем і едзем у накірунку дому. Цяпер я спакойны, альбо мне проста да ліхтара. Неўзабаве засынаю, і мне сніцца дзіўны сон: што прыехаў я ў камандзіроўку ў Гомель і мне тэлефануе гэтая самая Сеціва Бэта, і просіць мяне, паколькі я ў Гомелі, прывезці ёй яе дзіцёнка, які, чамусьці, ня з ёй.
І вось стаю я на чыгуначным вакзале, мне прывозяць 2,5-гадовага дзіцёнка Яну. Нас на хуткую руку знаёмяць, мы сядаем у цягнік і едзем.  Гэткім чынам я пачынаю выступаць у ролі экспедытара. Суправаджальных дакументаў няма, бланкі накладных неаформленыя ляжаць перада мной. А ўсе вакол успрымаюць мяне за бацьку дзіцяці. Ну тады я крыху супакойваюся. Кармлю дзіцё перададзенымі мне мясам, хлебам і сокам. Сурвэтак няма, я выціраю яму рот скамечанай накладной, а астатнія ляжаць на століку залітыя сокам.
Праз 5 гадзін мы даязджаем да пункту прызначэння. Я стаю з дзіцём на платформе. Сеціва Бэта дзесьці на падыходзе. А з вагону выскаквае правадніца:
- Тата, тата, каптурок забылі!
- Дзякуй, дзякуй! - адказваю я, бяру каптурок, і мы з правадніцай усміхаемся адно аднаму.
Час ідзе, а мы ўсё стаім і ўсміхаемся, быццам нехта з нас вельмі ўдала пажартаваў.
Яшчэ праз хвіліну мы стаім і ўжо душымся ад смеху. Дзіцё адчувае агульны настрой і пачынае гучна рагатаць. Потым прыходзіць Сеціва Бэта, і так сама смяецца. Спачатку стрымана, а потым усё больш і больш шчыра.
І вось стаім мы ўсе разам на платформе. Час спыніўся, дзьме лёгкі ветрык. Нам усім вельмі добра, і ад гэтага мы смяемся.
Канец.


Апошняя песня

Мы ляжалі ля ракі:
Коні, жабы, жабракі.
Усё нам была нецікава.
Я шукаў частку рукі.
Заход хіліўся пераспелы.
Водар лунаў вакол буцвелы.
Я сумаваў, ды абураўся.
Я быў ужо крыху здранцвелы.
А жабы дзёрлі свае глоткі,
Іх затыкнуць не было сродку.
Я вырашыў, што мне пляваць.
Я быў ужо зусім ня порсткі.
Я ўжо ня меў ні рук, ні ног.
Вачэй так сама не збярог.
І чуў усё толькі жыватом.
Наступным разам я быў катом.



***
Да нас завітаў містэр адключальнік
І адразу ж знікла напружанне
А гарачай вады даўно няма ну і няхай
Гэта напэўна ягоны сваяк
Ці брат па розуму раней заходзіў
Але, хто іх там ведае,
Якая нам справа
Пытанне ў іншым:
Як адлавіць гэтую сволач
Як аднавіць электразабеспячэнне
Як нам іначай драмаць
Бяз гуду электрапрыбораў
Мы адразу ж робімся аголенымі
Нам няма чаго сказаць адно аднаму
Без электрычнасці паўзы ў словах
Крыкліва незапоўненыя
Нам цяжка глядзець адно на аднаго
Без святла манітору
І клавіятуры, тыркаючы якую
Мы спазнаем свет і можам дараваць усё
Мы проста набрыдзь
Лепш торгацца ў аўтобусе
Ды верыць у свой прыпынак, кашулю, гадзіннік..


***
7-я паніжаная і 3-я ступені
Замена 28-га на 26 дапушчальна
Лепш у сераду, а ня ў пятніцу
Толькі па няцотных альбо
Па папярэднім запісе
Не хапіла дыяметру
А гэтаму сячэння
Дапушчальнае значэне
Дастатковы ўзровень
5 радыянаў, 3 хвіліны + 6 сантыметраў
85 рублёў/гадзін за барэль тэлефону
Літр хвіліна і тэрцыя
Сэнс жыцця і мапа мясцовасці
Кілаграм падзяліць на палец нагі
Атрымаем атрамант радасці пяці
Рукі – імправізацыя ног
Грудзіна – неабходны кампанент
Крупа – добра, калі ты курыца
Ног шмат, а галавы калі як
Аркуш – утопія
Пясчынка – экзістэнцыяналізм
Яблык -  з семачкамі
Серафіма Іванаўна зайшла ў краму
Штангенцыркуль - крута
Ланцугоў ляжаў і спяваў
Каты міліцыянта з’елі
Цягнік прыехаў і з’ехаў
Фуражка яшчэ не прыкмета ні чаго.
Гігабайт – туды, гігабайт – сюды.
Прычалілі і адчалілі
Навошта тэлевізар
Буда-Кашалёва
Добры смак, але атрута
Добры фільм, аднак меладрама
Хутка едзе, аднак не прыгожа
Амерыка, вялікодныя яйкі, панядзелак.
Санітарна-ахоўная зона
Экалагічны пашпарт
Усталюйце картку.
Націсніце чароўныя літары.
Увядзіце 5 рублёў і код.
Узгадайце мелодыю.
Вы запоўнілі анкету неналежна.
Яшчэ 5 рублёў. І код.
Маштаб 1:500
Рахунак-фактура.
СаСОз. Сos f.
Рэквізіты. Копію вярнуць. Аплачана.
З 7-га на 6-ты пайшоў.
Будзьце ўважлівы і асцярожны.

***
Пісаць у стол
Граць у шафу з адзеннем
Маляваць у духоўку
Зачыніўшыся ў ване і згасіўшы святло
Уууууууууууу
Ціхенька спяваць пад нос
Ляпіць і пакутаваць
Праяўляць фотастужкі
Эх чаго рваць сабе нервы
Лепш схадзіць на працу.


***
Вось і ранак надышоў
я проста шчаслівы
Я люблю сонца і цяпло,
Але не спёку
Як смешна казыча ў нагах
Такое бывае, спецыяльна ж – ніколі
Метро і трамваі,
Мы зараз паедзем
Я люблю добрыя сны
Ня сры


***
Для пісек і газетаў,
Для макроцця слоік,
Напальчнікі, сурвэткі, каўбаса,
Для сяброў нядзеля.
У хатніх тапкі,
Сантэхніку грошы,
Запалкі, макароны, серада,
Светлагорск, фармалізм, дрэнна.
Густ да электрычнасці.
Пачуццё, такт, удзячнасць.
Не змываць.
Сыходзячы тушы святло і сыходзь.
Не захапляйся.
Не шукай вінаватых, калі толькі ня следчы.
Не перабольшвай. Не хлусі.
Учора на танцах круцілі Губайдуліну.
Усе былі п’яныя і танчылі.
Маянэз - наш чацьвёрты хлеб.
Памёр Соні Эрыксан - буйны джазавы саксафаніст.
Курс сантыметру да дзюйму за мінулыя суткі не змяніўся.
Спонсар агляду узброеныя сілы рэспублікі Туніс.


увЕРтуРА 2069: МАЦІ І СЫН.

-    Сынок, ну што ты сядзіш такі маркотны, схадзіў бы куды з сябрамі, піўка папіў?
-    Надакучыла.
-    Надакучыла. Дзяўчын якіх небудзь зачапілі б. А яшчэ лепш гарэлкі выпілі – вось і развесяліўся б. А то сядзіш як грак самотны.
-    Не хачу.
-    Вой! І што ты надумаў сабе? Ці ты зноўку нечага іншага жадаеш? Ну дык ведай: усё што я табе магу дазволіць - гэта папаліць крыху траўкі. А большага нават і не прасі.
-    Ну мама!
-    Што “ну мама”? Я табе і так шмат чаго дазваляю. Ты яшчэ непаўналетні – альбо ты забыўся?
-    Непаўналетні. Вунь мае аднагодкі парашок кожны дзень нюхаюць. Ім бацькі з сабой у школу даюць. Адзін я толькі без нічога. Палю цыгарэты – звычайны тытунь. У чацвёртым класе гэта яшчэ актуальна, аднак я ўжо ў дзевятым! Мне сорамна! Нада мной смяюцца ўсе, а дзяўчаты ў мой бок і не глядзяць нават. Гэта ў вашы век усе позна пачыналі – і то, усё больш па алкаголю. А цяпер настаў іншы час, хіба ты не разумееш?
-    Так, разумею. Аднак трэба цікавіцца і яшчэ чымсьці. Спачатку - заняткі, а забавы потым.
-    Ды сумнае ўсё гэта, і з большага непатрэбнае. Усё мінулы век, вучаць стара. Навошта пісаць і лічыць на паперы – зараз тэлефоны з галасавым наборам, і памылкі аўтаматычна выпраўляюцца. І гэта тычыцца ўсіх прадметаў – усё, што ў іх выкладаецца, можна знайсці за 2 хвіліны ў сеціве, і праграмы для разліку чаго заўгодна, і перакладчыкі. Мы проста марнуем час. Вось і даводзіцца яго неяк бавіць. Дык чым я горшы за іншых? Ведаеш, як цяжка на занятках сядзець?
-    Ведаю, ведаю, сама ж такая была. Ну, дык і што ты прапануеш?
-    Я хачу як усе нармальныя падлеткі: парашок у школу, а па выходных – што небудзь цікавае, напрыклад ЛСД. Дарэчы, сёння субота, і Мікаэл з Венедыктам ужо швэндаюцца па горадзе закінутыя. Толькі я адзін дома сяджу.
-    Ну не хвалюйся так. Дай, я цябе пашкадую. Я абяццаю табе, што пагутару з бацькам на гэтую тэму. Ты ж у мяне і сапраўды зусім дарослы.
-    Ты з ім пагутарыш у панядзелак, а чым мне займацца сёння?
-    Ну а чаго б ты хацеў?
-    Ну я ж табе сказаў ужо – ЛСД, ці штосьці ня горшае.
-    Так, ЛСД у мяне няма, давай паглядзім, што ёсць. Вось, матуля можа прапанаваць табе цудоўны транквілізатар
-    Мама! Мяне засмяюць! Лепш ужо гарэлка.
-    Так, так, а вось яшчэ ёсць крыху ПЖ...
-    Ужо лепш. Аднак, мама! Я хачу ЛСД!
-    І што ты заладзіў лсд, лсд. Малы ты яшчэ для ЛСД. Бяры ПЖ, пакуль я не перадумала. Калі хочаш, я цябе ўкалю.
-    Дзякуй, лепей я сам. Пакладзі мне з сабой. І шпрыц!
-    Ну вядома ж. Як жа я цябе без шпрыца адпушчу. Жгуцік. Вось, пакладу табе ўсё ў скрутачак. І прэзерватывы, я табе новыя купіла. Ты памятаеш як імі правільна карыстацца? Абавязкова карыстайся імі.
-    Мама, гэта старамодна.
-    За тое надзейна. Ведаеш, колькі лячэнне каштуе?
-    Ды чуў ужо, чуў сто разоў. І ў школе праходзілі. Я ўсё ведаю. Дазволь, я пайду.
-    Ты мог бы спачатку падзякаваць мне.
-    Дзякуй мама! Нарэшце ты пачала мяне разумець.
-    Ну я ж хвалююся за свайго любімага сыначку. Дай матуля цябе пацалуе, і можаш ісці.
-    -    -

-    Як хутка дзеці растуць! Вось ужо і алкаголь з травой ім нецікавы. А ў нашую маладосць усё было зусім інакш. Эх, дзе мой транквілізатар...


 ****
Браты Піла і Рамы
Любімай дачкі цясляра Вужакова
Або Гужова
Пафарбаванай ружова
Віскатаць любілі
Электрынасць драўніну зрэдку мяса і косткі
Таты Вужова або Гужакова
Нецікава і двухбакова
Хрась


***
Узрэзаўшы, узрушаўшы, узважыўшы
Узгадаўшы
Вынайшоўшы па-новай
Перакрэсліўшы мінулае
Змарнаваўшы, загарнуўшы, захінуўшы
Заглынуўшы
Брыдкасць непрыдатнасці
Да дасканаласці няздатнасць
Дадаўшы дапасаваўшы дарваўшы
Даспяваўшы да да
Не не так так
Шыхт жарсць жмых





***
Левае ўзбярэжжа
Хвалі акіяну, ці мора
Ветразь павольна рэжа
Да сонца, месяца, зораў
Хмараў, аблокаў, хвілінаў,
Паветра і іншага збожжа
Што хтосьці ўдала раскінуў
І што ўзышло прыгожа