У ліловым целе `2009

Y E L L O W     P A G E S    B Y
Фрыдрых Самотны
( F r y d r y c h  S r a m o t n y )

У ліловым целе
(In the violet body)



***
- Гэтыя сардэлькі вельмі смачныя, -сказала жонка, - шкада што я не купіла яшчэ.
- Не шкада! – хацелася крыкнуць мне, але я павінны быў заставацца незаўважаным.
А муж гэтак засяроджана жваў, што толькі мыкаў у адказ.
Я стаяў на прыступачцы з вонкавага боку балкону і мог бачыць усю кухню. Стаяць было ня вельмі ёмка, але трэба было трываць. А муж усё еў і еў. Машына для жрання. І жонка гэтак сама добрая, са сваімі сардэлькамі. Зараз наядуцца і пайдуць у іншы пакой валяцца і глядзець вечаровыя тэлеперадачы. Менавіта гэтага моманту я і чакаў, дарэчы.
Аднак, яны ўсё елі і елі. Ужо мінула 2 гадзіны, ногі мае зацяклі, пальцы на руках зводзіла ад напружання. А яны ўпарта працягвалі жэрці.
Падаць было нельга, бо было б надта шкада. Дарагі рамонт, шмат часу на рэабілітацыю.
Я вырашыў ператварыцца ў птушку, аднак ніяк ня мог вырашыць, у якую. Чамусьці на розум прыходзілі, у асноўным, бабры - санітары лесу, і стравусы, таксама вельмі карысныя жывёліны.
Да таго ж, на маім рахунку не было грошаў, і ўсе выходныя пераўтварэнні мне даўно адключылі. Я добра ведаў пра тое, а ператварыцца жадаў проста так. Трэба ж было нейкім чынам бавіць час. У маім становішчы.
Тады я прыдумаў вось што: я зараз зайду праз вакно  і спытаю:
- Прабачце, мабыць вы бачылі, куды...
Я пастукаў у шыбу:
- Дзень добры, сантэхніка выклікалі?
- Так, пару гадзін таму, вы аператыўна. Праходзьце сюды, я зараз Вам пакажу. А дзе ж вашыя інструменты?
- Давайце я спачатку пагляджу, усё адно за запчасткамі ісці прыйдзецца, нам зараз загадзя не выдаюць. Тэкс, што ў нас тут адбываецца? О, які водар! Так, зразумела! Здаецца была гэткая на складзе. Я, наогул, толькі аглядаю і ацэньваю, а рамантаваць будзе слесар. Слесары шмат крадуць, вось і ўвялі гэткую адзінку ў штат. Ну ўсё, я пайшоў на базу. Чакайце, хутка прыйдзе, мы зараз амаль кругласутачна. Дазвольце я праз дзверы, мне яшчэ на паверх ніжэй трэба. Усяго найлепшага! Да пабачэння!
Смачна есці! Глядзіце не папярхніцеся! Прывітанне жонцы! Мы ёй будзем праводзіць капітальны рамонт з мадэрнізацыяй. А Вас запросім на падпісанне актаў утоеных работ, выпрабаванняў падвышаным ціскам і допуску ў эксплуатацыю. Карацей кажучы, я вас абавязкова яшчэ наведаю.
Удала прайшло, нават не чакаў ад сябе. Навошта, толькі, я згубіў столькі часу на гэтым благім балконе?
 Тэкс, я яшчэ абяцаў зайсці паверхам ніжэй. І зайду! Праверу, чым яны там займаюцца.
- Добры вечар, сантэхніка выклікалі? – дзверы мне адчыніла нядрэнная кабеціна ў шыкоўным адкрытым халаце.
- Праходзьце.
Я прайшоў. Яна правяла мяне да санвузла.
- Вось, глядзіце, – і сцягно яе агалілася.
Я пачаў глядзець. Санвузел быў сумешчаны, гэта я вам кажу, як прафесіянал.
- Мабыць жадаеце чагосьці выпіць? – я ўбачыў яе ў люстэрку, што было амаль на ўсю сцяну. У руках у яе ўжо было два куфлі, здаецца з белым віном.
- Наогул на працы нам нельга... – распачаў я, набіваючы сабе цану.
- А я не выклікала ніякага сантэхніка. Так што можна лічыць гэта прыватным візітам.
Яна падышла бліжэй і працягнула мне мой фужэр. Дазволіла крыху адпіць і пачала прыціскацца да мяне. Я не памыліўся, гэта было сухое белае віно, а наконт прыцісканняў – дык мяне такі зыход вельмі задавальняў.
Мы пачалі горача цалавацца. Я пачаў чмурэць ад яе, і ад таго, як ўдала я на яе патрапіў. Наперадзе былі выходныя, мне як раз не было чым заняцца. Кватэра, шыкоўная жанчына, віно...
Яна моцна ўкусіла мяне за вусна. Я здрыгануўся ад нечаканасці.
- Прабач, - сказала яна мне, і мы працягнулі, пяшчотна і прыемна, свой занятак. Яна пачала распранаць мяне, цалаваць маю шыю і торс. Я адчуў знямогу і трымценне, пачаў узлятаць...
Яна моцна і балюча ўкусіла мяне за плячо. Я ўважліва паглядзеў на яе. Здаецца, вычварэнка. Думкі пра прыемныя выходныя пачалі пакрысе здувацца.
Яна распусціла свой халацік, і той павольна  споўз да яе ног. Больш на ёй нічога не было. Гледзішча, канечне ж, ўражвала. Яна зайшла пад душ і прыцягнула мяне за руку.
Як зачараваны я глядзеў на яе, і ніяк ня мог адвесці вачэй. Аднак мазгі працавалі, халодны розум падказваў мне патрэбнае вырашэнне.
- Можна я спачатку пагляджу, - прапанаваў я, гледзячы на ўсё гэтае хараство.
Яна ўключыла ваду і пачала марудна гладзіць і паціскваць сябе. Яшчэ колькі часу я паназіраў за ёй, пакуль ў галаве ня пстрыкнула, і мазгі ня зладзілі з целам.
Я выскачыў з душу. Добра, што я не паспеў распрануцца, думаў я, хутка праходзячы калідор і зашпіляючы па ходзе кашулю.
У пярэднім пакоі перад люстэркам распранаў плашч буйны самавіты мужчына гадоў за 40. Ён пачуў рух, імгненна развярнуўся ў мой бок і выталупіўся на мяне. Я ледзь не аслупянеў, аднак, узяў сябе ў рукі, і вырашыў гуляць з ім у “сантэхніка”. З нахабным выглядам я прывітаўся, і ужо хацеў праскачыць да дзвярэй, як мужчына стаў на маім шляху.
- Я з ЖЭСу, сантэхнік, - нахабна распачаў я. Ён моцна штурхнуў мяне ў грудзі назад.
Я ледзьве ўтрымаўся на нагах.
- Я сантэхнік, з ЖЭСу,- пачаў мармытаць я, разумеючы складанасць свайго становішча.
Тут дзверы з душу расчыніліся, і ў дзвярах узнікла яна.
- Умаж яму як трэба! – крыкнула яна.
Мужчына паглядзеў на яе шалёнымі вачамі, плюнуў у яе бок і пачаў рушыцца на мяне.
- Куды я патрапіў, мне хана! – заходзіліся думкі у маёй галаве, у вачах пачало ўсё скакаць, стала мала паветра.
Мужчына вынуў з-пад пінжака пісталет. Сапраўдны, вялікі і чорны. З калідору быў яшчэ выхад у пакой, я кінуўся туды і адразу ж пачуў першы стрэл. Гэта было вельмі страшэнна.
Як спалоханая жывёла кінуўся я наперад, пераскочыў праз вялікі ложак. Пачуўся яшчэ стрэл. І яшчэ. Мужык зусім разыйшоўся. Ваза на століку побач са мной ператварылася ў аскепкі.
Я апынуўся перад вакном, больш бегчы не было куды. Схапіў столік і шпурнуў яго у вакно. Бакавым зрокам я ўбачыў мужыка ў пакоі і кінуўся на падлогу. Аскепкі шкла сыпаліся на мяне. Пачуліся яшчэ два стрэлы.
- Забі яго! Забі яго! – пачуў я здзічэлае екатанне сваёй неадбыўшайся каханкі.
- Дай мне, я сама заб’ю яго!– прагучала ўжо ў пакоі.
Больш шанцу ў мяне ня будзе – зразумеў я, ускочыў з падлогі адразу на падваконнік, і не марудзячы, скокнуў уніз.
Пакуль я ляцеў, я яшчэ паспеў падумаць, што ад лёсу не ўцячэш. Хаця магчымасць мне, канечне ж, давалася. Калі б ня гэтая мая ўласцівасць захапляцца.
Газон і трава хутка набліжаліся, а я быў ўсцешаны думкай, што ляцець мне, усёж такі,  на 1 паверх меньш.

***
Цяпер я ў лякарні. Мне ўправілі на месца нагу і плячо, і ўсё астатняе падладзілі. Шкада, канечне ж, валяцца тут цяпер столькі часу.
Наведваць мяне ніхто не прыходзіць, таму што, увогуле, гэта ня вельмі цікава. Я і не крыўджуся.
Наступным разам распавяду, як мы з сябрамі хадзілі на футбол.



* НА ФУІБОЛЕ * (friday football) *

Аднойчы мы пайшлі на футбол. Гэта захапляльная высакародная гульня ангельскага паходжання.
Мы прыйшлі крыху рана, і бавілі час, гуляючы ў “зорачкі”. Гэта актыўная інтэлектуальная гульня невядомага паходжання, сэнс якой складаецца ў тым, каб прымудрыцца і патрапіць так, каб у суперніка  з вачэй “зорачкі”пасыпаліся. І вось я прылаўчыўся, і гэтак удала заехаў свайму сябру ў вуха, што ў таго пасыпаліся такія зоры – мне нават нагу зашчаміла. Давялося выцягваць яго з завалу, ім жа наробленага, і пераходзіць на іншае месца. Мы крыху выпілі гарэлкі, каб зняць маральнае напружанне, а тут, як раз, і футбол ужо распачаўся. Заўзятарам цяпер складана, бо ўсе гульцы, згодна з адпаведным распараджэннем савета міністраў і шаноўных выканкамаў, апраналіся ў аднолькавую форму. Гэта было няпростае, аднак неабходнае вырашэнне, бо інакш заўзеюць усе, каму не лянота – да апошніх смаркачоў.
Гульня складалася добра. Мой любімы гулец вельмі ўдала патрапіў варожаму гульцу ў яго агідную пысу, і тая ўвагнулася ўнутр, як у гумавай лялькі. Патрапіў мячыкам, у поўнай адпаведнасці з правіламі. Гэткім чынам нашая каманда атрымала гульнёвую і колькасную перавагу.
Наша радасць ня ведала межаў, і мы паўтарылі толькі што бачанае, аднак ужо без мячоў, з парай незадаволеных, што відавочна заўзелі за іншых. Яны перасталі нас цікавіць, як толькі перасталі варушыцца. А мы зноўку заўзята прыняліся сачыць за гульнёй.
І вось тут чарга засмучацца дайшла і да нас, бо вялікая валасатая малпа з варожай каманды, што дагэтуль толькі бегала і палохала гульцоў і выпадковых менакоў, дапала да мяча і прабіла з такой сілай, што трое з нашых гульцоў зваліліся, быццам падкошаныя. Невялічкім усцяшэннем служыла толькі тое, што дзвюм з іхніх так сама дасталася. Настрой нашы адразу ж пагоршыўся, хацелася азмрочыць яго камусьці яшчэ.
Мы крыху пакідалі бутэлькі з-пад пітва ўніз, аднак патрапілі толькі ў паліцыянтаў. Тыя, вядома ж, зрабілі выгляд, што нічога не заўважылі. І гэтак і працягвалі б стаяць, але тут побач здарыўся іхні галоўнакамандуючы. Той нешта прабрахаў і паказаў сваім пальцам у наш бок. Вось гэта была абраза, якой мы дараваць не маглі. Тым больш, што ўвесь стадыён назіраў за намі. Ваганняў быць не магло.
Мы кінуліся ў іх бок у адзіным парыве. З лёгкасцю парвалі ланцуг іхняй абароны. Галоўнакамандуючы адразу ж некуды знік, і яны пачалі хаатычна разбягацца, хто куды. Вось тут распачалася весялуха! Яны канчаткова дыз’арыентаваліся. Мы даганялі іх і білі пад азадак нагой, давалі балючыя падпатыльнікі і плявалі ў вушы. Яны кныхалі і да апошняга стараліся збегчы. Іх ратавала толькі тое, што нам было цяжка спыніцца на кімсці адным, бо яны так смешна бегалі! Мы проста не маглі ўтрымацца, каб не пацешыцца яшчэ і над вось тым, і над гэтым.
Футбол, згодна традыцыі, прыпыніўся, і гульцы ветліва пакінулі поле, каб ніхто з прыйшоўшых на гульню, і жадаючых так сама пацешыцца, ня быў абмежаваны ў прасторы.
Неўзабаве пачуўся нарастальны гуд бульдозераў і самазвалаў. Гэта магло азначаць толькі адзінае: на ратаванне паліцэйскім даслалі будаўнікоў. Ну ўсё, час рабіць ногі. Будаўнікі гэта сапраўдныя ірады, з імі не пацягаешся. Маглі для пачатку хаця б пажарнікаў даслаць, з тымі яшчэ можна крыху паваландацца, хаця і прамокнеш увесь да апошняй ніткі. А яшчэ можна і бусаком выклапатаць.
Футбол так сама не працягнецца, бо гэтыя звяры цяпер увесь стадыён перакапаюць, разам з трыбунамі.
Азірнуўшыся назад я бачыў, як натоўпы аматараў футболу, разам з гульцамі, пакідаюць стадыён, што хутка павінен быў скончыць сваё існаванне.



Гамафобія
* Stupid weekend *

Настала субота. Заняцца не было чым, і я з сябрукамі цягаўся па спякотных вуліцах і вулках апастылага нам гораду. На розум нічога не прыходзіла, мы марнавалі час.
І тут Карл кажа: - А давайце пойдзем дамоў...
- Малайчына, Карл, як мы раней не здагадаліся! –выклікнулі мы, хутка развіталіся і пайшлі кожны ў свой бок. Аднак Карл спыніў нас:
- Не, вы мяне не зразумелі. Я меў на ўвазе да мяне дамоў. Мабыць, там штосьці і прыдумаем.
- А, ну зразумела, і мы павінны цяпер ісці да цябе. Мабыць ты патлумачыш нам сутнасць сваёй прапановы? – спыталі мы, даючы зразумець нашу насцярожаннасць з гэткай нечаканай нагоды.
Аднак ён не зразумеў, ці зрабіў выгляд, што не разумее і з абыякавым выглядам працягнуў:
- Ды нічога асаблівага. Так, пасядзім крыху. У мяне яшчэ засталася скрыня піва.
Мы ўдарылі адразу ўдваіх – я і Юзэк. Карл паваліўся на спіну і глядзеў на нас сваімі абыякавымі блакітнымі вачыма, робячы здзекліва-здзіўлены выгляд.
- Ведаеш, КАРАЛ, - прароў яму ў твар Юзэк, - Давядзецца табе аднаму ісці. Зразумела?
Карл нешта мармытаў у адказ, аднак ён нас натуральна больш не цікавіў. Нарэшце ён ўзняўся і з пакрыўджаным выглядам выдаліўся.
Ідзі, ідзі, думаў кожны з нас пра сябе. Настрой нашы сапсаваўся, асабліва пасля гэткіх выкідонаў. Мы стаялі і глядзелі адзін на аднаго. Што рабіць далей ніхто ня ведаў.
І раптам Юзэк, ні з тога, ні з гэткага, як з’ездзіць Антуану па сківіцы – тая на бок і звернецца.
- Ты чаго? – паспрабавалі мы наехаць на Юзэка.
- А чаго ён мне вочкі ладзіць? – абурана заекатаў той. Відавочна, што ён пераўзбудзіўся і спыніцца яму цяпер было цяжка. Давядзецца яго ўрэзоніць - што мы і прарабілі ўтраёх з Вольфам і Петэрам не адкладаючы ў далёкую скрыню.
Заадно мы аформілі і Антуана, каб ня глядзеў на нас з-пад ілба са сваёй сківіцай.
Вольф з Петэрам прыселі на лаўцы папаліць, а я заняўся тым, што адцягнуў Юзэка з праходу на газон, дзе ўжо адпачываў Антуан.
Маё мерапрыемства амаль надыходзіла да завяршальнай стадыі, як з лаўкі пачулася валтузня. Гэта Вольф з Петэрам ужо ваўтузілі адзін аднаго.
Я прысеў на лаўцы насупраць і стаў чакаць лагічнай развязкі іхняй узаемна выплюхваемай антыпатыі як следства эскалацыі непрыязнасці да...
Яны абменьваліся тычынамі бясконца доўга, я нават засумаваў. Аднак, відаць, Петэру гэта так сама надакучыла, і ён зваліў Вольфа на траву. Чамусьці ў сваім  спаборніцтве яны абодва больш імкнуліся да вольнай барацьбы, з папераменным поспехам. Выступаючы ў ролі вольнага назіральніка, магу адзначыць, што дамінаваў, усё-ж, такі Петэр. Ну так, вось ён ужо сядзіць на грудзіне ў Вольфа і запіхвае яму ў рот апалае лісце, адцягваючы, для зручнасці, сківіцу вольнай рукой, а пяткай упёршыся ў лоб.
Досыць нацешыўшыся, Петэр прысеў на траву побач са зрынутым супернікам і нетаропка запаліў.
Ну і вось ён паліць, а сам на мяне паглядае. Я вырашыў даць яму спачатку дапаліць і аддыхацца.
Нарэшце недапалак паляцеў у бок, мы з Петэрам моўчкі ўзняліся і парушылі адзін на аднаго.
Пачалося з таго, што Петэр заехаў мне абцасам у каленку. Я не чакаў ад яго такога спрыту. Было балюча і адразу ж страцілася ступень рухавасці, чым хтосьці пажадаў неадкладна скарыстацца. Але мяне так проста ня возьмеш, давядзецца крыху паваландацца. Я неўзіраючы на боль адскочыў у бок і нечакана развярнуўшыся ўпячатаў свой кулак Петэру ў бачыну. О, як яго перакруціла! Канечне ж, я патрапіў яму ў нырку. А вось у другую не атрымалася, бо той закрыўся рукой, у якую і прыйшоўся мой удар. Ну, потым ён адразу адскочыў і ледзь не заехаў нагой з развароту мне ў пах. Аднак я своечасова прачытаў гэты рух і падскачыўшы зверху абрынуўся на Петэра, падмяўшы яго пад сябе. Мы пакаціліся па газону, тузаючы адзін аднаго.
Нехта выклікаў паліцыянтаў. Іх прыехала адразу тры фургоны. Яны арганізавана і хутка павывальвалі на вуліцу і ўзялі нас у кольца. Мы яшчэ крыху патузаліся, а тым часам гэтыя свінні дзейнічалі ў сваёй упадабанай манеры: па камандзе галоўна-камандуючага ўзнялі рукі з накіраванымі на нас пальцамі і пачалі гучна выдрэсіравана гагатаць шыхтам, пры гэтым імкнучыся пераўзыйсці адзін аднаго, каб выслужыцца перад начальнікам, які стаяў перад імі і ўважліва іх аглядаў.
Вядома ж, працягваць далей мы ў такіх умовах не маглі. Мы дапамаглі адзін аднаму ўзняцца і пакуль стаялі, намагаючыся ацаніць становішча. Я не стрымаўся і заехаў аднаму з паліцэйскіх у пысу. Той адразу ж падляцеў і лопнуў – бязгучна, як мыльны пухір. Я рассмяяўся – гэта ж трэба, і з чаго іх цяпер вырабляюць?
Аднак кольца паліцэйскіх стулілася, і на мой недарэчны смех яны адказалі яшчэ грамчэйшым і зладжаным.
Петэру спадабалася, што я прарабіў з паліцэйскім, і ён вырашыў паўтарыць тое самае. Ён прабіў, аднак паліцэйскі аказаўся сапраўдным – грузна паваліўся ніцма і ўжо больш не варушыўся. Петэр жа выбіў сабе чучкі і трымаўся цяпер за руку.
Падвезлі яшчэ падмацаванне, і мы знаходзіліся ўжо ў двойчы трайным кольцы.
Нас захапіў спартыўны інтарэс: як жа нам іх пераадолець? Стаяць тут да самае начы і пляскаць іх па пысах было б надта трывіяльна, калі не сказаць болей. Хацелася знайсці якое небудзь вытанчанае вырашэнне. І мы яго мусілі знайсці: гэта быў галоўнакамандуючы, што працягваў хадзіць побач з намі і назіраць за падначаленымі. У яго ў руках былі спісы і ён рабіў у іх адзнакі. Вядома ж, у яго не было часу звяртаць на нас увагу.
Я падышоў да яго і пастукаў па плячы. Ён марудна азірнуўся і здзіўлена выталупіўся на мяне.
- Як пажываеце, пан камісар?- ветліва пацікавіўся я. Як я і чакаў, адказам ён мяне не ўшанаваў. Дзякуй, што хапіла выхавання перастаць займацца спісамі, якія ён цяпер выпусціў, разам з алоўкам.
Я папляскаў яго па шчацэ. Ён нечакана зрэагаваў і памкнуўся схапіць мяне зубамі за руку. Аднак вось у мяне рэакцыя – што трэба: яго зубы толькі гучна пстрыкнулі ў паветры, што было чутна, ня гледзячы на стаячы абапал рогат. Левай я заехаў яму ў жывот, і ён схіліўся да мяне. Я схапіў яго за валасы і ўзняў  пысай да сябе. Аднак, замест таго, каб банальна плюшчыць нос, зрабіў яму сліўку, моцна зафіксаваўшы ворган паміж дзвюх сваіх пальцаў. Ну і давай цягаць яго вакол сябе, быццам цуцыка на ланцужку. Побач скакаў Петэр, выпісваючы гэтай “асобе пры выкананні” пад’азаднікі і аплявухі. А потым Петэр ускочыў яму на спіну.
Вось гэта было гледзішча: дрэсіраваны паліцэйскі чын пад наглядам дрэсіроўшчыка катае ўсіх жадаючых, а вакол стаіць 6 дзесяткаў паставых і шыхтам рагочуць!
Нарэшце прыехалі пажарнікі. Тое, што не даслалі будаўнікоў, было абумоўлена выключна тым, што мы знаходзіліся ў гістарычнай частцы нашага паршывага гораду.
І вось я, мокры і знямоглы, але задаволены, цягнуся па спусцелай вечаровай вуліцы дахаты. Вечар, усё ж такі, атрымаўся ўдалы.



ФРАНЦУЗСКАЯ
НАРОДНАЯ ПЕСЬНЯ

Ка-лі-і тво-ой ся-бр у лай-не-е-е
Аляге-ер ко-ом аляге-ер
Ды-ык ва-ам не за-аміне-е-е
Закла-асці-і за-а каўне-ер
Але шмат шкодна піць
Алягер ком алягер
Бо галава баліць
Уранку і каўнер.



ПА-ПА-ПА (Pa-pa-pa)
Great national song by great singers
A.Cihanovich & Ya.Poplauskaya

У мяне брацельнік мент,
У мяне бацяня мент.
Разам мы ня ведаем турбот.
Маем праязны білет
І яшчэ імунітэт
Ад усялякіх прававых нягод.
Каб парадак захаваць
Дубцом трэба шчыраваць.
Толькі ім і можна навучыць
Уладу нашу шанаваць
Лішняга не размаўляць
І краіну нашую любіць.



ВЫКАНКАМ КАНКАН
Thank`s-for-all-the-Administrations Can-Can

Рушу я ў выканкам камкам
Кабкабкаб сабе даведку атрымаці
А дакладней не сабе бе бе
Бо бо бо Я абышоўся й без яе.
Я ва ўстанову ўстаць на ўлік ліклік
Хацеў жадаў да да глыбіні душы
Ды толькі тых, хто даведку атрымаў маў маў
І варты сапраўды становяцць на ўлік
Улік улік
Я даведку атрымаў
Даволі годны я я грамадзянін
Я дзве рукі, нагі дзве й асабісты нумар маю
Улічаны, узгоднены, азнаемлены і адпавядаю
Водціскі пальцаў дзе трэба здаў здаў здаў
Аналізаў шмат ніколі іх не шкадаваў
Для справы, для ўлады і для ўсёй краіны
Нарыхтаваны грамадзяніны



 ГЛЯМУР
*MORE GLAMOUR FOR EVERYDAY!*

Ішлі па вуліцы Дзімы Біланы. Ішлі сабе, ішлі і сустрэлі яшчэ аднаго, так сама Дзіму.
- Якая сустрэча! – кажуць яны яму.
- Ды так сабе, нічога асаблівага, - адказвае той.
- А ты хіба што, лепшы за нас? – абурыліся Біланы.
- Вядома ж, - адказвае ён ім, - я самы лепшы.
- А вось мы зараз табе пакажам, які ты самы лепшы, - кажуць пакрыўджаныя Дзімы, і пачынаюць пакрысе абступаць гэтага Дзіму-аднаасобніка.
- Дык хто, кажаш, самы лепшы? – распачаў Дзіма, што трымаўся больш ўпэўнена за астатніх, і, відавочна, з’яўляўся іх лідарам, як толькі кольца стулілася. Далей прайшлі 2 кароткіх у сонечнае і пад вока. Ганарлівы Дзіма схіліўся і пачаў хапаць ротам паветра.
Невядома, чым бы гэта ўсё скончылася, але тут побач здарыўся дворнік. Ён замахаў сваім венікам і залямантаваў:
- А ну прэч адгэтуль, што вы тут сабе зладзілі! – і перацягнуў аднаму з Дзімаў па спіне, а іншаму вышмараваў твар сваім брудным прыстасаваннем. Хлопцы пабеглі па вуліцы.
- Моладзь неахайная! – вылаяўся дворнік ім у след, крыху патупаў нагамі, потым плюнуў, змёў, яшчэ плюнуў і змёў, потым яшчэ плюнуў і яшчэ змёў, высмаркаўся і пайшоў далей месці вуліцу.
Біланы ж забеглі за вугал і спыніліся. Па шляху Білан-выскачка атрымаў яшчэ добра тычын і падпатыльнікаў.
- Гэта ўсё з-за цябе! – асабліва крыўдзіліся тыя, каму дасталася ад дворніка.
- Ну дык што, будзеш цяпер казаць, што ты самы лепшы? – строга запыталі ў яго, для высвятлення засвоенасці толькі што пройдзенага матэрыялу.
- Не, не! – ледзьве не са слязьмі на вачах адказвае былы Білан-выскачка, усім сваім выглядам дэманструючы пакорлівасць і каянне.
- Ну тое ж! – з палёгкай уздыхнулі Дзімы Біланы. – Ты што, новенькі?
- Так.
- І на што ты разлічваў? Табе пашанцавала, што мы сёння ў добрым настроі. Калі хочаш, можаш пайсці разам з намі. Білан усё ж такі, - і яны пайшлі прэч са двара. Білан-небарака паслухмяна пацягнуўся за імі.
- Карацей кажучы, слухай сюды: калі хочаш рэабілітавацца перад намі, - даверлівым, ужо іншым тонам распачалі з ім гутарку, - дык сёння ў 22-00 прыходзь  на пустку за мостам. Будзе ў нас там справа – трэба крыху памахаць кулакамі. Разумееш? Калі ня ўмееш дзерціся, дык прыходзь для масоўкі. Гутарка пра гонар Біланаў! Ну дык як, прыйдзеш?
- Так, буду старацца, - адказвае малады Білан, робіць узрушаны твар і зводзіць бровы.
- Ну, бывай здаровы. Будзем на цябе разлічваць!
На гэтым з новенькім Біланам развітваюцца, а той яшчэ доўга працягвае стаяць на ранейшым месцы, гледзячы сваім сваякам услед.
Ну і вось ужо вечар набліжаецца, а малады Білан ні жывы, ні мёртвы – і пайсці страшна, і, у той жа час, не пайсці ніяк нельга. Шмат ён вагаўся, і так абдумваў, і гэтак. Можна было б і даведку ў паліклініцы ўзяць, ці сказаць што міліцыя затрымала, ці яшчэ на штосьці спаслацца – ды ўсё ня тое, выпадак ня той.
І вось, урэшце, нічога не прыдумаўшы, прысудзіў ён сабе ісці.
Прыходзіць ён на пустку і нікога ня бачыць, хаця часу 4 хвіліны засталося. Пацягнуліся секунды, стаў час густым і ліпкім. І зноўку думкі ўсялякія, і з гэтага боку, і з іншага.
І ўжо вырашыў Білан, што выпрабаваць яго вырашылі гэткім чынам, праверыць на вашывасць. Канчаткова сцвердзіўся ён у гэтай думцы і стаяў, ганарліва узняўшы галаву. Стаіць, а сам чакае з’яўлення кагосьці са сваіх, грудзіну выпукліў.
Так, з ганарліва ўзнятай галавой, ён і сустрэў 2 дзесяткі Русланаў Аляхно. А астатнія Біланы, сустрэўшыся наступным ранкам, прад’явілі адзін аднаму свае паважлівыя чыннікі і гарачачыся пайшлі піць піва, ды зноўку швэндацца па вуліцах.